“Песні пакінутых вёсак”
“Песні пакінутых вёсак”. Кнігу пад такой назвай прэзентавалі ў кнігарні “Белкніга” у Мінску напярэдадні дня памяці чарнобыльскай катастрофы. На яе старонках сабраны ўнікальныя архіўныя матэрыялы. У асноўным, гэта песні, якія запісваліся ў розны час, задоўга да аварыі, у вёсках, якія ўжо не існуюць на мапе Беларусі.
Кніга “Песні пакінутых вёсак” выйшла ў свет з нагоды 30-й гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС у выдавецтве “Бяловагруп” і стала знакавым і вельмі прадстаўнічым выданнем. У кнізе змешчаны архіўныя матэрыялы, якія вылучаюцца высокім густам і прадстаўлены ўпершыню. Гэта песні тых вёсак, якія трапілі ў зону адсялення беларускага сектара адчужанасці трыццацікіламетровага радыусу ад месца катастрофы. Чатыры раёны, якія найбольш пацярпелі ад тэхнагеннай аварыі, – Брагінскі, Хойніцкі, Ельскі і Нараўлянскі. Да Чарнобыльскай аварыі на сучаснай тэрыторыі запаведніка існавалі 96 населеных пунктаў, у якіх жыло больш за 22 тысячы жыхароў. І ў кожнай вёсцы гучалі песні: у святы і будні, сумныя і жартоўныя, шчадроўкі, балады, вясельныя напевы.
Ігар Уладзіміравіч Луцкі, першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь, выказаў сваё стаўленне да кнігі наступнымі словамі: “Гэтыя песні душэўныя, ад жыцця, ад маці, як кажуць у Беларусі. Яны дапамогуць адчуць увесь каларыт, усю прыгажосць нашай зямлі і нашай мовы, беларускай мовы”.
Запісы рабіліся яшчэ да катастрофы, калі вёскі былі жывымі, поўнымі насельнікаў. Песні былі сабраны і запісаны падчас дзесяткаў фальклорна-этнаграфічных экспедыцый 1970-80-х гадоў супрацоўнікаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, студэнтаў і выкладчыкаў філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Галоўны рэдактар выдання акадэмік НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар Аляксандр Іванавіч Лакотка, укладальнік кнігі доктар філалагічных навук Таццяна Васільеўна Валодзіна, укладальнік музычнай часткі кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Наталля Генадзьеўна Мазурына сабралі ў кнізе ўнікальную песенную спадчыну, запісы фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў рэгіёну, што цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Кніга багата ілюстравана творамі народнага дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва – ручнікамі, фотаздымкамі з мясцовымі відарысамі і жыхарамі.
Вольга Віктараўна Мычко, генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага крыжа, падкрэсліла, што людзям вельмі важна сёння пазбегнуць “духоўнага Чарнобыля”.
Падрыхтоўкай кнігі займаліся дзясяткі навукоўцаў і супрацоўнікаў музеяў. Усяго сабрана больш за 300, адзіных у сваім родзе, песень. Выданне ўжо атрымала перамогу ў нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” ў намінацыі “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны”. Асвяцілі гэтую падзею шэраг тэлевізійных каналаў Беларусі і Расіі.
Навіны Беларусі. СТВ. http://www.ctv.by/knigu-o-tradiciyah-postradavshih-ot-tragedii-na-chaes-regionah-prezentovali-v-minske
Новости. ОНТ. http://ont.by/news/our_news/knigy-pesen-chernobilskih-regionov-predstavili-v-minske
Кніга стала напамінам: страшная катастрофа – у мінулым, але культура і душа народа павінна захавацца ў стагоддзях.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка




Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя