Юбілейная выстава Леаніда Данеліі
20 ліпеня 2016 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбылося адкрыццё юбілейнай выставы Леаніда Данеліі (старшы выкладчык кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі), прымеркаванай да 70-годдзя мастака.
Экспазіцыя ўключае жывапісныя, графічныя творы мастака, а таксама дызайн. У вобразах, што стварае мастак арганічна спалучаюцца выразныя магчымасці колеру і лініі, дэкаратыўнасць і архітэктоніка. У апошніх працах Леанід Данелія ўсё больш імкнецца да абстрактнага імпрэсіянізму, калі рэальныя вобразы пераходзяць у абстрагаваныя формы стылізацыі, а насычаны колер ўзмацняе кампазіцыю работ.
У жывапісных і графічных творах аўтар часта звяртаецца да жаночых вобразаў, якія прыцягваюць увагу гледача да рамантычнага ўспрымання свету. Часам мастак нечакана знаходзіць кампазіцыйнае рашэнне ў фармальным стварэнні вобразаў, калі звяртаецца да тэмы кахання.
Па словах мастака: “Жывапіс – гэта перш за ўсё эмацыйны выплеск душы праз фарбы. І галоўнае – падсвядомае рашэнне, якое бывае як азарэнне. За такім экспромтам стаіць твой інтэлект, твой прафесійны вопыт. Калісьці Федэрыка Феліні сказаў, што багаж ведаў з гадамі яму стаў перашкаджаць. Ён хацеў бы зноў убачыць свет дзіцячымі вачыма. Мастаку, часам, каб выказаць свой “новы” стан, даводзіцца мяняць выяўленчую мову, змяняць стыль”. Сапраўды, Леанід Данелія пастаянна эксперыментуе – адмаўляецца ад засвоеных фармальных прыёмаў, шукае новыя.
Выстава будзе працаваць з 20 ліпеня па 8 жніўня 2016 года.

Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка




Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя