Выступленне К. А. Успенскага на сцэне Белдзяржфілармоніі ў паэтычным монаспектаклі па творах Янкі Купалы
12 снежня 2017 г. на сцэне Малой залы імя Р. Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі быў паказаны паэтычны монаспектакль па творах вялікага беларускага паэта Янкі Купалы пад назвай “Мне сняцца сны аб Беларусі”. У год 135-годдзя з дня нараджэння нашага класіка гэта літаратурна-музычная кампазіцыя стала яшчэ адной магчымасцю для гледачоў звярнуцца да яго творчасці ў пошуках адказаў на вечныя пытанні быцця.
У кампазіцыі прагучалі, у асноўным, малавядомыя і не друкаваныя пры жыцці паэта вершы, радкі яго біяграфіі, што для некалькіх пакаленняў заставаліся па-за межамі школьных падручнікаў і хрэстаматый; лісты, газетныя публікацыі 1930-х гадоў, архіўныя дакументы, якія толькі на схіле мінулага стагоддзя адкрыліся чытачу. Усё гэта артыстка (а таксама дырэктар і мастацкі кіраўнік) Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Зніч” Галіна Аляксееўна Дзягілева ператварыла ў складаны і пранізлівы лірыка-драматычны маналог. Кожны Купалаў верш паўстаў радком яго біяграфіі — апаэтызаваным, кранальным, іранічным, дасціпным, суровым або трагічным, а празаічныя адступленні i каментарыі набылі вобразную моц мастацкага слова. А музыку паэтычнага маналога падхопліваў у паўзах ціхі, але шматзначны кантрапункт — гітарныя інтэрмедыі ў выкананні старшага выкладчыка кафедры музычна-педагагічнай адукацыі Кірыла Алегавіча Успенскага.
Монаспектакль даў магчымасць “сэрцам убачыць” трагічную сутнасць унікальнай асобы народнага паэта і песняра Беларусі. Удумлівы глядач змог прасачыць унутраны шлях творцы: ад замілаванасці жыццём да праклёну нялюдскіх парадкаў, ад усеагульнага энтузіязму да самоты, ад пяшчотных настрояў да горкага сарказму, ад падманлівай захопленасці да расчараванняў, ад спробы кампрамісаў да зняважлівага пакаяння, ад пошуку душэўнага змірэння да роспачы і трагічнага сыходу.
“Мне сняцца сны аб Беларусі” — вельмі важны напамін пра творчы і грамадзянскі подзвіг Янкі Купалы, дзякуючы якому наш народ спазнаваў уласную адметнасць і годнасць, вучыўся шанаваць роднае слова і шматвяковую культуру продкаў, ішоў да сённяшняй сваёй незалежнасці, да новай Беларусі, якая ўжо займае ў вялікім свеце “свой пачэсны пасад”.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка




Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя