Контакты

По всем вопросам 
обращайтесь:

Республика Беларусь
220114, г. Минск, ул. Ф.Скорины, 13

тел. 267-91-05

E-mail: aesthet55@tut.by 

estet_fac@bspu.by

 

 


ПРЕЗЕНТАЦИЯ ФАКУЛЬТЕТА



 

События

Прэзентацыя калектыўнай манаграфіі «ЦЕНЬ СТРАЛЫ: КУЛЬТУРНЫЯ І ВЕРБАЛЬНЫЯ КОДЫ ТРАДЫЦЫІ»

2018-11-04

31 кастрычніка дацэнт кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва Мазурына Наталля Генадзьеўна прыняла ўдзел у прэзентацыі калектыўнай манаграфіі «Цень стралы : культурныя і вербальныя коды традыцыі», якая адбылася ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

У Рэспубліцы Беларусь абрад «Ваджэння і пахавання стралы», які штогод ладзіцца на Ушэсце ў шэрагу сумежных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны, афіцыйна ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. У першае выданне серыі «Інтэгратыўная фалькларыстыка» па задумцы яе ўкладальнікаў Рымы Кавалёвай (БДУ) і Вячаслава Калацэя (БДУКМ) увайшлі навуковыя работы і матэрыялы міжнародна вядомых, а таксама маладых даследчыкаў з чатырох краін, прысвечаныя менавіта гэтаму старажытнаму язычніцкаму абраду.

У ліку аўтараў – дацэнт кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Мазурына Наталля Генадзьеўна. У артыкуле «Беларускія народныя песні абрада «Ваджэння і пахавання стралы» у запісах Уладзіміра Раговіча» раскрываюцца характэрныя асаблівасці «стрэльных» песень, роля і змест даследчыцкага ўнёску вучня і паслядоўніка Рыгора Раманавіча Шырмы, збіральніка і харавога дырыжора Уладзіміра Іосіфавіча Раговіча ў збор і вывучэнне беларускіх народных песень гэтага ўнікальнага абраду.

Наведвальнікі прэзентацыі, у ліку якіх былі і члены студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Дыялог мастацтваў і культур», атрымалі эксклюзіўную магчымасць азнаёміцца з манаграфіяй, убачыць дакументальную кінастужку ў жанры аўдыявізуальнай антрапалогіі, прысвечаную ваджэнню і пахаванню «стралы». Эфект паглыблення ў этнамастацтва быў узмоцнены спевамі аўтэнтычнага фальклорнага гурта «Стаўбунскія вячоркі» Святланы Парашчанкі з вёскі Стаўбун Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Менавіта ад спявачак гэтай вёскі калісьці ў 1985 годзе запісаў унікальныя напевы У.І.Раговіч.

Старажытны аграрна-магічны язычніцкі абрад «Ваджэння й пахавання Стралы» ці «Страла» звязаны з землямі Падняпроўя, іх урадлівасцю, дабрабытам мясцовых жыхароў. Ён мае глыбокія архаічныя карані, мадэль свята стагоддзямі застаецца нязменнай: на апошняе навалунне вясны мясцовыя жанчыны прыбіраюцца ў святочныя ільняныя строі, збіраюцца разам і ідуць шэрагавай працэсіяй праз вёску, спяваючы «стрэльныя» песні (песні, якія, дарэчы, паўплывалі як на музыку Пятра Чайкоўскага, так і на творчасць шэрагу рок-гуртоў ХХІ стагоддзя). Карагодніцы рухаюцца да жыта, дзе закопваюць у зямлі «стралу», тым самым хаваючы цёмную сілу разбурэння Сусвету, пераўтвараючы яе ў дабро, плоднасць, багацце і поспех.