Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка
Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка

1 март 2019

Удзел дацэнта Мазурынай Н.Г. у працы міжуніверсітэцкага дыскусійна-аналітычнага клуба «COGITA»

22 лютага 2019 года адбылося адкрытае пасяджэнне міжуніверсітэцкага дыскусійна-аналітычнага клуба «COGITA», арганізаванага Вучэбна-навуковай лабараторыяй беларускага фальклору БДУ і Цэнтрам захавання спадчыны вуснай традыцыі беларусаў БДУКМ. У пасяджэнні ў якасці члена Савета клуба і прадстаўніка БДПУ прыняла ўдзел дацэнт кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва Наталля Генадзьеўна Мазурына.

У дыскусіі на тэму «Эстэтычная, культурная і сацыяльная небяспека дэфармацыі фальклорнай памяці» удзельнічалі даследчыкі і выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў Беларусі (Р.М.Кавалёва, В.В.Калацэй, В.А.Лабачэўская, Э.К.Дарашэвіч і інш.), Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (С.У.Грунтоў, І.Смірнова і інш.), прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур (А.Ю.Лозка) і Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (А.Глушко). Праблемнае поле аналітычнай размовы ўключала некалькі напрамкаў:

* фальклорная памяць як аснова традыцыйнасці фальклору, яго рэпрадукцыі на аснове стабільнасці і дынамічнасці;

* фальклорная памяць і захаванне цэласнасці вуснатрадыцыйных твораў;

* фальклорная памяць і інтэнсіўнасць бытавання вуснатрадыцыйных твораў;

* варыятыўнасць фальклору як спалучэнне фальклорнай памяці са зменамі асяродку існавання традыцыі;

* ступень дакладнасці традыцыі і характар індывідуальнай памяці этнафораў (носьбітаў фальклору);

* уплыў пісьменнасці і сістэмы абавязковай адукацыі на існаванне фальклорнай памяці;

* фальклорная памяць і захаванне культурнай цэласнасці этнасу.

Па выніках праведзенай дыскусіі плануецца публікацыя спецыяльнага выпуску электроннага альманаха “Дзьмухавец” Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ.

<img src='img' alt='семинар' />
<img src='img' alt='семинар' />

<img src='img' alt='семинар' />

К следующим новостям